понедельник, 2 апреля 2012 г.

Возера-сэрца.
Пасля ўдалага палявання ў час вячэры-гулянкi паны дамовiлiся пажанiць сваiх дзяцей Галю i Вiнцэнта. Раней пытаць у дзяцей згоды не было прынята — усё вырашалi бацькi. Вяселле прызначылi праз чатыры гады, калi Галi споўнiцца 17 гадоў. Вiнцэнту пасля смерцi бацькi прыйшлося самому весцi гаспадарку, з-за чаго аставiў вайсковую службу. Вiнцэнтаў бацька быў скупаваты, сына грашыма не песцiў. Атрымаўшы спадчыну, сын вырашыў пагуляць, а потым узяцца за гаспадарку. Ён так аддаўся куцяжу (карты, шынкi, жанчыны), што хутка ўсё праматаў, нават праiграў у карты сядзiбны дом… Бацька Галi весцi гаспадарку запрасiў Данiлу, сына свайго сябра, якi якраз скончыў вучобу. Малады хлопец добрасумленна ўзяўся за справу. Ён некалькi разоў ў тыдзень аб'язджаў фальварковыя ўладаннi, сачыў за парадкам. Асаблiва любiў праехацца па "панскай дарозе". Часта да яго падсядала ў брычку гарэзлiвая дачка пана — Галя. Яна як ластаўка шчабятала, захаплялася прыгажосцю азёр i ракi Страчы. Iншы раз спявала. Спеў яе паўтарала шматгалосае лясное рэха. Такiя паездкi былi прыемнымi i Данiлу. З часам яны не маглi быць адзiн без другога.
У Альшэве рыхтавалiся да балю з нагоды семнацацiгоддзя Галi. Запрасiлi гасцей.
У час чарговай паездкi Галя звярнулася да Данiлы: - Глянь на возера! Яно як сэрца. Хвалюецца таксама як маё сэрца… Потым яна абняла Данiлу, моцна пацалавала i цiха вымавiла: - Я хачу, каб на балi ты танцаваў толькi са мной. Згода? - Згода, — разгублена адказаў Данiла.
На баль прыехала шмат гасцей. Прыехаў i Вiнцэнт. Калi ўбачыў прыгажуню Галю, то ўспомнiў пра заручыны. Вось удача! Шлюб дапаможа паправiць кепскiя справы.
Пачалiся танцы. Па праву нарачонага Вiнцэнт заказаў мазурку i паiмкнуўся запрасiць Галю. А Галю вёў на круг Данiла… Вiнцэнт вызваў Данiлу на дуэль. Месцам двубою прызначылi палянку мiж ляснымi азёрамi, куды i паскакалi на карэтах. Даведаўшыся пра паядынак, Галя паiмчала наўздагон.
Калi збягала з гары, то пачула два стрэлы. Потым убачыла Вiнцэнта, якi стаяў ля дрэва, трымаючы руку ля грудзей… Галя пабегла да параненага, каб аказаць дапамогу, а ў гэты момант Вiнцэнт выхапiў кiнжал i ўтапiў яго ў маладое дзявочае цела:
- Нi мне — нi яму, — былi яго апошнiя словы. Данiла падхапiў дзяўчыну i панёс на гару да карэты. Яна абняла яго рукой i шаптала: - Любiмы. Дарагi. Не хвалюйся… Я выжыву… Я моцная. Мы будзем шчаслiвыя. Глянь на наша возера-сэрца… Возера было такое, як заўсёды. Але раптам вецер моцна ўзняў ваду i на сярэдзiне возера з'явiўся прадаўгаваты востраў. Ён нагадваў рану на сэрцы.
Галя на руках Данiлы сканала.
- Галя! Галубачка! Галубэлька мая! — у роспачы закрычаў юнак. - Галубэлька! Галубэлька-а-а-а, — некалькi разоў паўтарыла рэха. I зараз рэха на Галубэльцы паўтарае сказанае па некалькi разоў. Востраў — гэта застыўшая кроў раны на чыстым дзявочым сэрцы — з'яўляецца асуджэннем ганебных чалавечых якасцей: карыслiвасцi, зайздрасцi i рэўнасцi

Комментариев нет:

Отправить комментарий